РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Як надарыцца мінута,
Што ад працы адарвуся,
I жыцьцёвая атрута
Не пячэць, і прахаплюся,
Дык цябе, мой Родны Краю,
Шчырай думкай аблятаю.
          Ты няшчасны і убогі,
          Ты бяздольны і забіты,
          Ты бяз шляху, без дарогі,
          Ты абдзёрты і прапіты,
          Подлай здрадаю праданы.
          Ты ня свой, – даўно забраны.
Меў вялікія кляйноды,
Быў і моцны і багаты.
Задзіўляліся народы –
А дазнаўся горкай страты.
Сохнеш, вянеш, – вокам кіну,
Аж здаецца, што загінуў...
          А як сонейка устане
          I прыемна усьміхнецца,
          Па палетках, на кургане
          I па вёсцы разьліецца,
          Як паводка, Родны Краю,
          Над цябе тагды ня маю...
Ты квяцісты, залацісты,
I прыгожы, і аздобны,
Ты лясісты, каласісты.
Можа, рай табе падобны –
Колькі ж моцы маеш скрытай,
Колькі сілы неспажытай!
          Ты паўстанеш, працавіты,
          Гаратнічы, невымоўны,
          Шчасьця, долі прагавіты,
          Мой сланэчны, мой чароўны!
          Будзе час, пабачаць сьведкі,
          Хоць ня мы, дык нашы дзеткі.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.