РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вясна
Эх, вясна, вясна!..
          Як прыйшла яна,
          Прынясла сьвятла,
          Прынясла цяпла,
          Наліла ў лагох
          Сьнегавой вады,
          Расьцьвіла ў лугох,
          Распляла сады,
          Прабудзіўся лес
          На вясеньні шум,
          А глыбокі сум
          Мне ў душу улез...
Першыя гусі ужо праляцелі,
Палі на рэчцы, узгорак абселі,
Гвагалі доўга, нараду сабраўшы,
Потым згадзіліся, дось пакрычаўшы,
Ўзляцелі высока над сосны, над елі
I недзе прапалі ў нябескім касьцелі...
Ах, каб крыльля, крыльля мне
I той лёт гусачы,
Я прапаў бы ў гарыне,
Хто б мяне і бачыў!
Раз у пораз, раз у раз
Ў неба б біў крыламі...
Гусі, гусі, я да вас,
Я лячу за вамі!
Дзе былі вы? Што было там?
Дзе жылі вы? Над балотам?
Мо’ ля рэчкі? Мо’ ля хаткі?
Ля сялібы майго таткі?
Мае маткі, майго браткі
Вы ня бачылі часамі?
А сястрыцы? А дзявіцы,
Маёй любы,
Вы ня бачылі часамі?
А у шлюбы
Не зьбіраецца  сястрыца?
Не? А люба, чараўніца?..
Ці там ймгліста,
Ці там ясна?
Красна? Міла?
Гусі! Шчасна?..
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.