РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Матчын дар
Як радзіла маці мяне ў цёмну ночку,
Дык дала скрыпіцу: «На, іграй, сыночку!
Грай сабе на шчасьце, грай на добру долю,
Грай на век даўгуткі, грай на вольну волю».
Помню, дзіцянёткам з тугой я ня знаўся,
Жыў, як тая птушка, граў і забаўляўся;
Дзень мне быў спакойны, ўночы сон бязгрэшны,
А цяпер застаўся я навек няўцешны.
Ой, чаму ж, матуля, жыцьце-скрыпку дала,
Як іх шанаваці дый не навучала?
Гэта ж падзівіся – я адкрыцца мушу,
Што сапсуў скрыпіцу, што згубіў я душу.
Здаўна, сівакрыла, шчасьця я ня маю,
Долі я ня бачу, радасьці ня знаю.
Граю, праўда! граю... А на сэрцы важка,
А у сэрцы больна, аж трываці цяжка.
Тыя не прыходзяць песьні-весялушкі,
Як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі.
Жаль з нудой заплачуць, глуха як зайграю...
Маю я скрыпіцу, а душы – ня маю!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.