РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Жабрачка
Дайце кавалачак хлеба ёй цьмянага,
Дайце пуховага, – дзе ж ёй узяць?
Што яна возьме з жыцьця бесталаннага?
Дайце, што можаце даць!
 
            Гора памела на сьвеце убогая!
            Гляньце: згрыбела, згарбела у крук,
            Доля занадта надалася строгая, –
            Выбіла шчасьце ўсё з рук.
 
Была дзяўчынаю, была красуняю,
Была вагонь, – не глядзі, дзецюкі!
Ўглянеш – і сэрца праймецца, як куляю;
Мелі пацеху бацькі.
 
            Час надышоў, і была гаспадыняю,
            Быў гаспадар багатыр на сяле;
            Была над мужам царыцай, княгіняю,
            – Бог калі шчасьце пашле!
 
Была і маткаю, была шчасьліваю,
Двох аднагодкаў Вялікі ёй даў:
Сына малойца, дачку урадлівую,
– Скуль дзе і сват пад’язджаў.
 
            Мела Нупрэіха, мела бяздольная!
            Дзе ж гэта дзелася, як уплыло?
            Што ж, сірацінка, быліца ты польная,
            Што учынілась, было?
 
– Ой, мае дзетачкі, Бог мяне, грэшную,
Пэўне, за бацькаўскі грэх пакараў,
Крыўду ўчыніў да згон-веку няўцешную,
Чым надарыў, адабраў.
 
            Неяк асеньняй парою апоўначы
            Хатку няведама хто падпаліў,
            Я прахапілась, ўскрычэла а помачы:
            – Людзі, ратуйце, хто жыў!
 
З крыку майго і сямейка збудзілася,
Ледзьве пасьпелі на двор уцячы,
Доня за рукі мае учапілася,
Просіць: – Матуля, маўчы!
 
            Мужа я ў гэтым пажары пазбылася;
            Кінуўся ў хату па скарб – ратаваць, –
            Столь падгарэла ў той час, абвалілася...
            – Бог захацеў пакараць!
 
Ох! Як пачне калі што руйнаваціся, –
Што ні рабі ты, а будзе дарма,
Толькі зьнядужаеш, сілаю страцісься,
Скуткаў жа добрых няма.
 
            Сын у Сібір ці ішчэ за Сібірамі
            Недзе пайшоў на жыцьцё зарабляць,
            Разам з дачушкай пайшла я пад дзьверамі
            На пагарэлых зьбіраць.
 
Дочка ад часу пажэжы праклятае
Чымсь захварэла, няведама чым;
Сохла, бляднела, як зелейка сьцятае,
Покі ня ўмерла саўсім.
 
            З воласьці мела паперу пісаную:
            Сына маскаль занівошта забіў.
            Нечым зграшыла дзіцятка рахманае,
            Ціхі ж, паважлівы быў...
 
От і жыву я на сьвеце зязюляю
Тэй сіратлівай, адна наўсяды.
Сьмерць неўздалечку, – свой век перамуляю,
Збудуся цяжкай нуды.
 
            Змоўкне – і сьлёзы па твару пакоцяцца,
            Хусткай схісьне іх і далей брыдзе,
            Ціха ступае, ўсім целам калоціцца...
            Ах! пашкадуйце ў бядзе!
 
Дайце кавалачак хлеба ёй цьмянага,
Дайце пуховага! Дзе ж ёй узяць?
Што яна возьме з жыцьця бесталаннага?
Дайце, што можаце даць!
 
            Дайце куточак, а дайце ж ёй, мілыя!
            З ласкай у хату прыміце яе,
            Хай адпачне гаратніца пахілая,
            Раны пагоіць свае.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.