РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Гарун
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Спрэчка
Дзядзька Тодар, два Праньцішкі,
Сват Гілерык, кум Тамаш
Раз ў мястэчку Зацьвілішкі
Насьмяшылі ўвесь кірмаш.
          Што было прадаць – прадалі,
          Кум Тамаш зьмяняў каня,
          Покі ўсё панакуплялі,
          Зірк – ай-ей: каля паўдня!
– Праўда, справіліся ёмка,
Але ж хай ты... во, абед...
– Ну дык што! Хадзем ў карчомку! –
На суседзяў так сусед.
            Ўзялі кварту. На закуску
            Пару ўзялі тараноў.
            Што ж ім кварта? На затруску!
            Ўзялі квартачку ізноў...
Больш пілі дзядзькі, чым елі:
Квас, гарэлку, піва, мёд.
Быццам чмелі, загудзелі,
Як і ўвесь ля іх народ.
            Хоць там словы ледзьве вяжуць, –
            Тэй бяды! А што ж маўчаць?
            Той штось скажа, той заўважыць,
            Кіне чарку наліваць.
Так ад цэнаў, бульбы, меры,
Што на рынку хвальш дае,
Зачапілі справы веры
Дый... счапілісь за яе!
            Гэтта слоў ім не хапіла, –
            Знана вёска: словаў брак!
            Потым, слова – хіба ж сіла?
            Хіба ж зробіць, як кулак?
От і пляснуў Тодар ў вуха
Па-суседску Тамашу,
I паўстала завіруха
У карчме на кірмашу.
            Кум Гілерык, сват, Праньцішкі,
            Тодар, – зьвіліся ў клубок...
            Ўсё мястэчка Зацьвілішкі
            Раптам зьбеглася ў шынок...
Праз гадзіну дзед Ігнацы
Ўсіх бусайлаў тых мірыў:
– Ці ж ня сорам гэтак, братцы? –
Дзед паважна гаварыў. –
            Ну, наліха вам сварыцца?
            З розных вераў вы – адны
            Дзеці гэтае зямліцы,
            Краю гэтага сыны.
Вера з жыцьцем ўсім даецца,
Хто іх даў – яму іх знаць!
Дурань той, хто спадзяецца
Веры сілай паяднаць.
            Мы і так, браткі, зьнявагі
            Досыць мелі ад чужых,
            Каб спрачацца без развагі,
            Ці ня цешым толькі іх?
Глузу хіба ж вы ня мелі?
Біў чужы вас лёгка сьмех?
Эх вы, шэршні! Эх вы, чмелі!
Ну, ня сорам вам?..  Ня грэх?..
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.