РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Спакойнае мейсца,
Дзе
Задумацца можна, –
Бальніца.
Адчай,
Як Хрыстос ва вадзе
Ідзе, –
Не папросіш спыніцца.
 
Прыціхлыя соты палат,
Напоўненыя пакутай,
Хаваюць
Свой сумны пагляд,
Цярпліва
Таргуюцца зь лютай.
 
Зьбялеласьць халатаў,
Прасьцін,
Збалеласьць
Прыгаслых абліччаў.
А тая,
Што мусіць прыйсьці,
Ліхвярна
Ахвяру аблічыць.
 
І ўся сумятня мітусьні,
Як трэскі,
Сплывае на волю
Па вечнай бруі быстрыні,
Ракі чалавечага болю.
 
Ня хоча паддацца бядзе,
Баіцца,
Што скрозь не пасьпее,
З палаты ў палату ідзе
Сястрой міласэрнай
Надзея.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.