РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Завыць ваўком зусім ня проста,
Патрэбна ціша, халады,
На сьнезе хрумсткім, як бяроста,
У цемру зьбеглыя сьляды.
 
Вятры патрэбны нізавыя,
З пазёмкай зябкай на лычах.
Воўк без прычыны не завые
Да чорнай гаркаты ў вачах.
 
А можа, воўк зусім ня вые,
А голасам галосіць так
Па тых сябрах, што як жывыя
Ператварыліся ў сабак.
 
Галосіць, што яго абклалі
Сьцяжкі жуды з усіх бакоў,
Што абакралі
Тыя далі,
Дзе вёўся род ваўкоў
Зь вякоў.
 
Згадаўшы цёплы дух аўчыны,
Завыць ваўком захочаш сам,
Каб сум твой,
Быццам цень ваўчыны,
Дарогу перайшоў лясам.
 
Бярозкі сьвецяць, што сьвячыцы,
У прыпамінаў ля вакон.
Галоўнае –
Не развучыцца
Самотнаму завыць ваўком!
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.