РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Спадчына
М. І. Забэйду-Суміцкаму
 
Гэта спадчына
Мне засталася ад прадзедаў –
Гэта матчыных
Песень дзівоснае прадзіва:
        I вясёлых,
        I сумных,
        I сьлёзных,
        I грозных...
Песьні гэтыя
Продкі складалі калісьці,
Бераглі,
Не сцураліся,
Не адракліся:
Ані ў стайнях –
Пад панскімі бізунамі,
Ані ў храмах –
Зь ненаскімі абразамі.
Не гадамі –
Глухімі, як поўнач,
Стагодзьдзямі,
Калі ў поле вясною
З сахою выходзілі,
Калі ўвосень мякіну
Бязьменамі мералі, –
Продкі ў долю
I ў песьню шчасьлівую
Верылі...
 
Ты журылася, песьня,
Ты плакала, песьня, –
Русакосай,
Пахілай вярбою над ставам,
Сіратой
Над убогай магілаю маці,
Адзінокай зязюляй
У белым бярэзьніку...
Сумавала
Рабінай у полі асеньнім,
Жураўліным ключом
У захмараным небе,
Ветрам зімным
У коміне хаты сялянскай...
Галасіла наўсхліп
У застольлі вясельным,
Абягала сьлязьмі
На дары, на палотны,
На падушкі,
Што мулкімі будуць
Да скону...
Калыхала калыску
На рваных пастронках,
Калаўротам
Гудзела ў цішы вечаровай,
Напівалася п'яна ў карчомцы
На сьвята,
Па аселіцах росных
Блукала ўначы.
Шаргацела сярпом,
Шалясьцела калосьсем,
Шапацела сухім мурагом
Пад граблямі
I толькі ніколі-ніколі
Не шамацела рублямі!..
Званочкам
Пазвоньвала на начлезе,
Рассыпалася
Сьмехам дзявочым па лесе,
Адгукалася
Рэхам па ўзгорках і ў долах,
Булькатала крыніцай
У засені ясеняў,
Ручаінай журчала
Па чыстых каменьнях,
То ля самага сонца –
Высока-высока –
Трапяталася жаўранкай
У сіняве.
 
То плыла на плытах –
Па Дзьвіне,
Па Дняпры,
Па Бярозе,
То ў закуранай кузьні
Гула на кавадле,
Як звон,
То дубоваю восьсю
Стагнала ў чумацкім  абозе,
У далёкай дарозе,
У сьпёку,
У слоту,
У золь.
То з апаленым крыльлем,
Як птах асірочана-грозны,
Узьлятала, кружыла
Над вогнішчамі па начах,
Закідаючы іскры
У сонныя панскія гнёзды –
Пад маўклівай ухвалай
Навостраных кос
На плячах.
 
Часта думаю:
Што, каб ня матчына песьня?
Чым бы дыхаў?
На холадзе чым саграваўся б?
Папрасімцам, напэўна,
Бадзяўся б па сьвеце,
Жабраком
Між чужых і радні
Пабіраўся б.
З чым пайшоў бы я ў госьці
Да добрых суседзяў?
Чым адзьдзячыць бы змог
За дары іх ад сэрца?
Хто б мяне
Паміж трох міліярдаў
Разгледзеў?
Хто б мяне распазнаў
I, як роўнага, стрэціў?
А цяпер –
Валадар я нязьлічаных скарбаў,
I другім не зайздрошчу –
Прызнацца папраўдзе,
I ніхто не пачуе
Ні крыўды, ні скаргаў,
Што ня кінуў нічога
Мне ў спадчыну прадзед.
Мне з табою, мой скарб,
На планэце ня цесна,
Я з табой –
I вялікі,
I знатны,
I дужы.
Я хачу зьберагчы цябе,
Матчына песьня,
Каб запоўніць табою
Спусьцелыя душы!
Я хачу
Пасяліць цябе ў сэрцах
Нашчадкаў,
Каб ніколі мяне
Папракнуць не змаглі,
Каб было перад сьмерцю
Мне лёгка ад згадкі,
Што я жыў недарэмна
На роднай зямлі.
 
"Полымя". 1963. №11.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.