Заблудзіў карабель наш у моры. Стырнавы – і сьляпы, і стары. А на палубе людзі гавораць, I сьмяюцца, і стогнуць вятры. Ветразь з плямамі солі і плесьні Выпнуў грудзі, нібыта гусак, I зьмяшалася з хвалямі песьня – Не забыцца яе аніяк. Будзе бура – і нехта загіне, Будзе дождж – і нап’ёмся вады... На ўзьбярэжжы якойсьці краіны, Быццам чайкі, сьвятлеюць дамы. Там нябожчыкаў з плачам хаваюць – Мы бяз боязі ў хвалі нырнём. Можа, і нарадзілі нас хвалі – Так замгліўся у памяці дом. ...I калі карабель наш бяздомны Будзе рыфамі ўзяты ў нябыт I спытаюць архангелы, хто мы, – Хай ня ўспомніць наш розум слабы...
|
|