У новым раёне, яшчэ негасьцінным, І храмаў няма, і няма магазінаў, I цісьнецца лес абкарнаны да неба, I храмаў няма... Бо, гавораць, ня трэба. У новым раёне – з выгодамі хаты. Знутры – хто там бачыў, ды звонку – палаты. Культура і мяса – у цэнтры, бясспрэчна. Там храмы апошнія гаснуць, як сьвечкі. Там брук – пад асфальтам і косьці – пад брукам, Там – ціша стагодзьдзяў, сучаснасьці – грукат. Там – памяці храм, што па цёмных законах Не запланаваны ў сучасных раёнах I, цалкам падобна, руйнуецца ў цэнтры. ...Бы кроў на пяску – пашчапаная цэгла У новым раёне, дзе сьветлыя вокны, Дзе моляцца сонцу старыя з балконаў, Дзе сонца за лес апускаецца чорны, Бы падае купал царквы залачоны.
|
|