На добры помнік ты не зарабіў, Як на прысутнасьць бацькі ў час апошні. Цябе мы грамадою прадалі: Малюем, славім – толькі ўсё – за грошы. Бядуем: сьмерць – зладзюга... Не! Яна Была тваёй збавіцелькай, магчыма – Другіх хрысьціла вязьніцы сьцяна, Другіх Сібір ад розуму лячыла. Меч ката выў па гордай галаве – Ня сьсек, спазьніўся. Трэба з тым зьмірыцца. Час – як Марыя босая ў хляве, Якую робяць абразы царыцай. За агароджу бедную ляцяць Каштаны-кулі... Добры панцыр – глеба... Прарокам маўзалеі не стаяць. Прарок – бясплотны ліст зямлі ад неба. Прыйшоў – вярнуўся... Да паганскіх чаш Не дакрануўся ні рукой, ні вокам... Дык сьпі ў магіле беднай, гонар наш, Даруй, як бацьку, нам, што мы – далёка...
|
|