Халодны позірк Апалона, Дыянісійскі цёмны шал Па-за жыцьцём, па-за законам. Гляджуся ў крышталёвы шар, У кроплю, дзе адбітак сьвету Сьляпое вока бажаства, Дзе зьліўся ў белы колер ведаў Вітраж зямнога хараства. А там, за сьценамі кумірні, Вакханкі ў міртавых вянках. Іх целы пахнуць мёдам вінным, I скачуць бубны ў іх руках. Як гэта проста, як натхнёна – Згубіцца ў карагодзе іх. I стрэлы-промні Апалона Ня выб’юць чару з рук маіх. Але – між мармуровых сьценаў У прахалодзе й цішыні Са мной вядуць размовы цені, Размовы поўняць сэнсам дні. Плывуць у глыбіні крышталю Карціны велічы зямной. Усё міне, і варты жалю Былы ўладар, былы гэрой. I для чаго ламаць зацята Тугое гольле юных лоз, Калі састарацца менады, Калі віно гарчыць ад сьлёз. I толькі мокрая лістота, Дзе карагод кружыў, гніе. А вечар сьветлай адзіноты Такі ж, як раніца яе.
|
|