РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Рыгор Барадулін
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Замежжа
Пачыналася замежжа за мяжою,
А яна, як і дзяржаўная,
Мяжа
Хоць была крыху шырэйшай ад гужа,
З насьцярогай сустракала ўсё чужое.
 
Пераходзілі мяжу бязь візы куры,
Прапаўзалі сьлепавокія краты,
І садзіліся сарокі на платы
Прадстаўніцамі лясное агэнтуры.
 
На мяжу зьлівалі ўсё
І ўсё ссыпалі,
На мяжу валілі дружна ўсе лам’ё,
Тут сышліся і маё і не маё,
І адно з адным хапаліся ў запале.
 
І дзядоўнік лапушыўся аблавуха,
Да замежнага асоту лебяда
Падавалася,
А па вясьне вада
Зрушыць слуп памежны
Спрабавала глуха.
 
Слуп укопвалі глыбей
І ў самым нізе
Прыбівалі крыжавіну,
Каб зь зямлі
Ані злосьць, ні зайздрасьць не змаглі,
Быццам раілі:
Як можаш – караніся!
 
Падпярэзваліся межамі гароды,
Як аграрныя дзяржавы сапраўды,
І лацьвей гурок з замежнае грады
Адшчыкнуць,
Не запытаўшы ў мытні згоды.
 
Бо смачней усё замежнае заўсёды...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.