РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
У беспрасьветны час
Зьнявер’я і шаленства,
Калі цяжар абраз
Гняце душу з маленства, –
 
Паверыць лёгка ў зло,
А вы ў дабро паверце!
Абразы не было –
I па найстрогай мерцы,
 
Душы сваёй крыло
Даю на адсячэньне:
Абразы не было
Для сьвята адраджэньня!
 
Абразы не было.
Адкуль жа столькі гневу?
Пакуль не адняло –
Цягну далоні к небу.
 
Пасьведчы, Бацька Бог:
Хоць і круты ня ў меру –
Абразіць я ня мог
Сваю любоў і веру.
 
Абразы не было.
Калі няпраўда гэта –
Хай тут жа стлее ў тло
Зямкы пасад паэта!
 
Пабеліць стынь чало
I цені ў зрэнках згуснуць –
«Абразы не было...» –
Нячутна сыдзе з вуснаў.
 
1991, верасень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.