РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калі я жыў?
Падказка для нашчадкаў
Калі я жыў?
Адказ на гэта
Зусім ня цяжка будзе даць,
Бо ёсьць дакладная прыкмета,
З усіх найверная, відаць.
 
О, невясёыя гады
Майго жыцьця!
Я жыў тады,
Калі вучылі ў мове рускай
У нас і горад і сяло,
I на ангельскай, на французкай,
I на іспанскай – аж гуло,
На выкапнёвай стара-прускай,
На мове інкаў і этрускаў
Таксама хораша ішло,
I толькі роднай беларускай
У школах мейсца не было.
 
Ну, а калі ня вучыць школа
I гоніць мову за парог –
То як жа ёй гучаць наўкола,
Ды так, каб сьвет прывеціць мог?
 
Калі пануюць запраданцы,
Што прадаюць свой родны край
За чужаземныя акрайцы, –
Ад іх спагады не чакай.
 
Даруе ўсё іх суд суровы –
Забойства, кражу, гвалт і зьдзек,
Адно любоў да роднай мовы
Вам не даруецца павек.
 
Такі – мой час!
Такім і ўзойдзе
Ён у гісторыю зямлі,
Дзе нашай мовай у стагодзьдзях
Калісь пісалі каралі.
 
1975
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.