Вы зьведалі гэта – У розгары лета Пабыць неспадзеўна На краі дажджу? Вы скажаце, пэўна, Што вам давялося Ня раз і ня двойчы На краі бываць – На краі бяздоньня, Над чортавай прорвай, На краі зьнявер’я I роспачы чорнай, На краі няшчасьця I нават на краі Уласнай магілы Стаялі... Ну, што ж! Ну, добра, ну, значыць, Ваш лёс літасьцівы, Але – ці былі вы На краі дажджу? Як не – то паверце, Ня можаце знаць вы, Што робіцца з сэрцам На краі дажджу. I я вам жадаю Ня вечнага раю – Жадаю імгненьня На краі дажджу!..
1991
|
|