РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сьвята
Сарвана вярыскам
Зь вечнасьці дрэва,
Ляціць
Верасьнёвы лісток залаты –
Як нам напамінак,
Што ладзіцца трэба
Да нашага слаўнага сьвята,
Браты.
 
Калісьці
Праклятаю Рыжскай умовай –
Ня ўмовай, а змовай –
На ўгоду панам,
На гора народу,
Што рваўся з аковаў,
Разрэзалі любы наш край
Напалам.
 
Разрэзалі сэрца,
Душу разарвалі,
I мову і песьню
Забралі ў палон.
I вусны замкнулі нам...
Голас давалі
Адно для зьняверцаў –
За рабскі паклон.
 
Наш дух ня зьмірыўся:
I ў скрусе глыбокай
Мы ў прышласьць глядзелі –
Праз далеч гадоў.
А ўжо на падворку –
Трунар з далакопам:
«Труна вам гатова!»
«I дол вам гатоў!»
 
Так проста – няйначай
Мы лішнія ў сьвеце
I мейсца няма нам
На грэшнай зямлі...
О вешчы лісток залацісты!
Ён сьвеціць
І вечна сьвяціцьме
Зьяднанай сям’і!
 
Ніякая змова,
Ніякая зьвяга
Ня страшныя ўжо нам,
Хоць лёс і круты.
Сьвяткуй жа, мой краю,
Вялікае сьвята!
Наш Дзень узьяднаньня
Сьвяткуйма, браты!
 
1992
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.