РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Беларускія цымбалы
Алесю Лявончыку
 
Цымбалы,
Цымбалкі,
Цымбалікі звонкія!
Жывая душа.
Беларускай зямлі!
На нівах і ў пушчах,
На ўзьмежках рамонкавых
Вы голас чароўны
Для сьпеву ўзялі.
 
Журчаньне крынічкі,
I песенька жаўранка,
I гоман калосься,
I пошум трысьця,
I шэлест узвышаны
Сьцягу дзяржаўнага –
Усё ў вас зьлілося
У песьню жыцьця.
 
Цымбалы,
Цымбалкі,
Цымбалікі родныя!
Пачую – і ўчую:
Радзіма пяе!
Чаго ж вы парою
Такія журботныя?
Чаму весялосьці
Вам так не стае?
 
Напэўна, вы ловіце
Чуйнымі струнамі
I сумныя бомы
Хатынскіх званоў,
I шал чарнавею
Над сьветлымі рунямі,
I сыканьне гадзін,
I крык груганоў.
 
Няхай сабе грагаюць –
Злосныя, хцівыя.
Любові ня ўсьмерціць,
Дабра не забіць!
Зьвініце, цымбалкі,
Гудзіце, гудлівыя,
Каб неба зь зямлёю
У душах радніць!
 
1992
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.