РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мовай статыстыкі
Сто газэт і часопісаў разгарну,
выдадзеных у Беларусі –
дзевяноста дзевяць разоў
убачу
мову суседняй дзяржавы
і толькі адзін,
калі пашанцуе, раз –
мову маёй зямлі.
 
Сто разоў за дзень уключу
беларускае тэлебачаньне –
дзевяноста дзевяць разоў
пачую
мову суседняй дзяржавы
і толькі адзін,
калі пашанцуе, раз –
мову маёй зямлі.
 
Сто гімназій і іншых вучэльняў
аб'еду ў сталіцы рэспублікі –
дзевяноста дзевяць са ста
вучаць дзетак
на мове суседняй дзяржавы
і толькі адна – адна! –
на мове зямлі,
дзе яны нарадзіліся!
 
Вось такая – дакладная
і відавочная ўсім –
статыстыка сёньня
крывавіцца ў сэрцы маім.
 
А сто накрахмаленых цынікаў
і адкормленых гарлапанаў
з трыбун і газэтных палос,
з радыё хваляў і тэлеэкранаў,
не мігаючы вейкамі,
хорам крычыць мне ў адказ,
што з мовай народа –
ніякіх праблем у нас.
Праўда, з гэтае сотні
дзевяноста дзевяць крычаць
на мове суседняй дзяржавы
і толькі адзін дурачок
ім падкрыквае
на мове Купалы і Коласа.
 
Грамадзяне планэты Зямля!
Ці патрэбен да гэтай статыстыкі
вам камэнтар?
Ці і так дастаткова ясна,
у чыіх руках Беларусь?
 
2001, жнівень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.