РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Ніл Гілевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пяць сямірадкоўяў
Дзьверы ў гісторыю

 
Наконт гісторыі і дзьвярэй
Дасьціпна сказаў балгарскі габрэй
Стары літаратар Ісак Пасі:
Дзьверы ў гісторыю вузкія вельмі –
Цяжка праходзяць і людзі і шэльмы,
Дзьверы ж адтуль – шырэй за вароты:
Вылеціш вон – і ня ўспомняць, хто ты.
 

Калісь і цяпер

 
Калісь патрыцыі любілі ў Рыме
Глядзець на гладыятараў зь мячамі
І ў захапленьні радасна крычалі,
Як раб раба праткне і меч уздыме.
Цяпер ня ў Рыме дзесь, а ў Беларусі
"Патрыцыям" ад шчасьця дух займае,
Як раб раба на вілах падымае.
 

Іначай ня можа

 
Раб-нявольнік, якога з маленства
Аплявухай вучылі, як жыць,
Сам ня можа іначай вучыць,
Да насільля і хамства прывыклы,
Апрача як крутым мацюком,
Апрача як цьвярдым кулаком,
Апрача як ашчэрыўшы іклы.
 

Амаль філязофскае

 
Свабода не найбольшае дабро,
Калі яна пярэчыць справядлівасьці.
У гэтым – вечнае праблемы гвозд.
Калі ў адных ажно гарыць нутро
Свабодай гвалту, гадства, хамства, хцівасьці –
Як быць другім – ахвярам іх няміласьці?
Хто скажа? Гегель? Кант? Бярдзяеў? Гобс?
 

Будзь рады, пясьняру

 
Будзь рады, пясьняру, мой брат,
Што гэтакіх ворагаў маеш
І гэткія ўдары прымаеш.
Калі ты іх лютасьці варт –
То значыць у песьнях, якімі
Ты служыш Матулі-Радзіме,
Ёсьць праўда, ёсьць сіла і гарт.
 
2001, жнівень.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.