Кватэра. Сьвятло... Здранцьвеньне. Хаваюцца ранкам сны. Якога табе гарэньня? Абы не было вайны! Навошта? Хапае хлеба, Да хлеба і для вачэй. Паволі змагацца трэба. Навошта табе – хутчэй? Жалезную моц Пагоні На кветкі і каласкі Зьмянілі! Сядзяць на троне Вар’яты-кіраўнікі, Нашчадкі стаптанай мовы, Ганебных часоў сыны. На вуснах – чужыя словы… Абы не было вайны! Мы мірныя, братка, людзі, Мы любім сьвятло вясны, А будзе тыран, ня будзе – Абы не было вайны.
|
|