Нарач, як мора, шуміць і на бераг круты наступае, Дыміць над выгарамі і над палямі туман. Зь ветрам узьняўшыся, кружыцца вывадак чаек, Спуджаных скрыпам абозаў і звонам кайдан. I чуваць, па-над намі лятуць недзе гусі у вырай. Разьвітальны іх крык патанае ў глухой лебядзе. Ды балюча скрыпяць і галосяць калёсы па жвіры, Па мядзельскім тракту бясконцы этап наш брыдзе. – Можа, ты пра былое жыцьцё сваё, браце, раскажаш? Што, яшчэ пад канвоем хадзіць не прывык? – Я стары палітзак... Шмат хадзіў па этапах, таварыш... – Недзе блізка сарваўся чыранкі спалоханай крык. – Можа, трапім з табою мы ў Вільню, у Вронкі, у Гродна... Там спаткаем нямала знаёмых сваіх... Толькі дзе нас абвее прадвесьнямі вецер свабодны I калі ўбачым сонца з глухіх казематаў сырых?.. Без адказу... Адно толькі Нарач на бераг круты наступае I змывае сыры, ацяжэлы ад восені цень, Зь ветрам зрываецца, кружыцца вывадак чаек, I над намі шырэй і шырэй разгараецца дзень.
1934
|
|