Вечар над вёскаю шэры, Цені ў зялёным лісьці. – Мама, пара ўжо вячэраць, Трэба ў дарогу ісьці. Хлеба паклала кавалак, Грош яму з хусткі дала... Хоць і старэнькаю стала, Выйшла праводзіць зь сяла. – Можа, сустрэнешся з братам, Ён – на другой старане, Служыць ён вольным салдатам, – Роўныя вы у мяне. Пэўна, яго ты спаткаеш... Ну, ужо, сынку, бывай! Можа, пазнаць не пазнаеш, Помні, ў сваіх не страляй. Вечар над вёскаю шэры, Вечар з асеньняй імглой. Стыне самотна вячэра Ў хаце батрачкі старой.
1936
|
|