Сівая хмара сьцерла сонца, Вясеньні першы дождж заплакаў. Па чарапіцы і па гонце Разьліўся вечар сінім лакам. I ноч прыйшла з прадмесьця вуліц, Палезла на званіцы, вышкі. Сабакам чорным вецер скуліць Пад шэрым мурам, пад Лукішскім. Гараць агні ў вялікіх вокнах, I крык газэтчыкаў, рэклямы, Ды на вясеньнім бруку мокнуць Ад ліхтароў жывыя плямы. А на пліце цяжкой, бэтоннай Дождж гразьзю прозьвішчы заплёскаў, – Баладу віселіц сьцюдзёных Гаворыць зь ветрам Каліноўскі. Мо' расказаць табе пра нашы Пра барыкады і удары? Пра тых байцоў, што палі ў маршы, Мо' расказаць табе, таварыш? Мо' расказаць табе пра заўтра, Пра песьні-сны, што ў нашых казках?.. Цішэй, ідзе бульварам варта, I блудзіць дождж па бруку гразкім, А дрэвы нешта мне гавораць... Увесь пакрыт я мокрым сьнегам... Ну дзе ж сягоньня, родны горад, Мяне прытуліш без начлегу?
1936
|
|