Хмары, а сонца ў іх гразкім балоце плямамі месіць дарог каляіны. Торба, сухар абгрызены ветрам, – торбу на плечы батрак перакінуў. Ідуць... Адзін – з хаты батрацкай, дзіравай; другі – з-над вазёр неспакойных, бурлівых... Дарога – шырокі ручнік саматканы, накінены сьвятам вясеньнім на нівы. – А то мо' служыў пастухом ці паробкам?.. Маўчыць... толькі зрок блудзіць межамі, полем. Вецер тармосіць падзёртай сярмягай... Думы, як хмары, плывуць мімаволі... – Так. Жыцьцё наша – жыцьцё-паняверка. Вечна мазоль на руках, а бяз хлеба... Толькі глядзяць вочы з голаду сьмела шырэй як панскае поле, як неба... – Сам ты здалёку?.. з-над Нарачы, кажаш?.. Толькі дарога, і хмары, і вецер, ды ў грудзёх сэрца – белая кагарка – звонка гарачымі крыльлямі б'ецца... – З-над Нарачы, Мястра, з-над сініх вазёр. (Вецер ў сярмязе падзёртай ублытаўся). Што чуваць – раскажы?.. Я ня шпіцаль, а свой... От прыйшлося да слоў – папытаўся. Чулі і мы, брат, пра вашы вазёры, – (цягнецца вырай крыклівым шнурам) – чулі і ведаем, прыйдуць яшчэ, ўдараць у бераг ня гэткія буры... Сонца дарогай пайшло за ўзгоркі. Плачуць і ныюць калёсы абозаў. А дзень, зачапіўшыся рыжай чупрынай, доўга вісеў, паміраў на бярозах.
14.XI.1936.
|
|