РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Мухамор
На сьвітанні, на зары
У зялёным гушчары,
Дзе мох сьцелецца рабы,
Паспрачаліся грыбы.
 
На увесь зялёны бор
Расхваліўся Мухамор,
Што пад шапкай – маку цьвет –
Ён дзяцюк на цэлы сьвет.
 
Боты, гузікі гараць, –
Яму дзеўкі не дабраць
Пад ялінай, пад сасной
Ні багацтвам, ні красой.
 
Мог бы сьмела быць паслом
Або нават і царом –
Не сядзець век у траве
Ды разумнай галаве!..
 
– Ты хваліцца лепей кінь! –
Яму радзілі Рыжкі, –
Плёткі чуючы твае,
Падасінавік злуе.
 
На сварлівы твой язык
Скасурыўся Чашчавік.
Табе ўсыплюць пад бакі
Калі-небудзь Казьлякі...
 
– Мне начхаць на вас, на бор! –
Горда кажа Мухамор, –
Калі біцца – паглядзім,
Хто паставіць на сваім!
 
А залёгшы у траве,
Ўсё падслухаў Муравей;
Там, дзе мох і дзераза,
Сыраежцы расказаў.
 
А ў зялёным у бары
Гэта чулі Камары,
Яны вестку разьнясьлі
Ўсім Апенькам па зямлі,
 
Ды Ваўнянкам апаўдні
Раззванілі Авадні...
Па дубровах, па лясах,
Па мядовых верасах.
 
Аж прачнуўся на той крык
Пад яленцам Баравік,
Дзе пад мохам, як парсюк,
Спаў, сагнуўшыся у крук.
 
I пачаў ён развадзіць,
Мудра радзіць і судзіць,
Расшумеўся і з-пад траў
Нават галаву падняў...
 
Дзе мох сьцелецца рабы,
Ішлі дзеці па грыбы, –
Асьцярожная рука
Падняла Баравіка.
 
Пайшлі ў кошык Казьлякі,
Сыраежкі і Рыжкі...
I на ўвесь зялёны бор
Рагатаў наш Мухамор.
 
Рагатаў ён і крычаў,
Дзе схаваліся між траў
Падасінавік стары,
Дзьве Ваўняначкі-сястры...
 
Як пакінулі ўсе лес
У вячэрняй у імгле,
Шышкай галаву падпёр, –
Затужыў і Мухамор.
 
Што нявесела яму
Ў цёмным лесе аднаму,
Што няма з кім у бары
Ні аб чым пагаварыць.
 
На'т сьмяюцца апаўдні
З Мухамора Авадні.
А зара як дагарыць,
Усё звоняць Камары
 
Ад сасны і да сасны,
Што ёсьць грыб – такі дурны
Мухамор, эх, Мухамор!..
Эх, сасновы цёмны бор!
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.