РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Скіну з плеч шырокіх
Скіну з плеч шырокіх
Рызманы пад лаву,
Закашу за локаць
Зрэбныя рукавы.
 
На адходзе вёсцы
Пакланюся нізка,
На мяжы бярозцы,
Што была калыскай.
 
А калі дадому
Больш я не вярнуся, –
Пра маю дарогу
Вам раскажуць гусі
 
Ці шляхі-этапы,
Дзе хадзіў, загінуў,
Дзе ў свой час апошні
Я знайшоў спачынак.
 
Каб памінкі справіць,
Клікніце знаёмых,
Цымбаліста Юрку,
Скрыпача Сымона.
 
Толькі хай ня плачуць,
Дужа не сумуюць
I да помсты песьню
З тапаром рыхтуюць.
 
Але мо' вярнуся –
Прынясу гасьцінцаў;
Да паўночы зорнай
Будзем весяліцца.
 
Прынясём саломы
I падпалім неба, –
Хай расчэша хмары
Пеўня алы грэбень...
 
Пойдзем мы у скокі.
I аж да заранкі
Будуць нашы ногі
Выкрасаць маланкі;
 
Будуць нашы струны
Рвацца ад пацехі,
Хлебам пахнуць гумны
I сьмяяцца стрэхі.
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.