РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Казка пра Мядзьведзя
Пад шэрую восень, пад верасень месяц,
Задумаў жаніцца Мядзьведзь ў цёмным лесе.
I кажа сватам:
                                – Мне шукайце пасагу;
Зіму зімаваць – трэба мёду і брагі.
А у мяне ні каня, ні гароду;
Падушка – і тая з альховай калоды.
За лета снапа мне нажаць
                                                          не прыйшлося,
То пчол даглядаў, то гнуў дугі, палозьзе.
Няхай сабе будзе ня важная жонка, –
Каб толькі я выжыў зіму пад сасонкай...
 
Хадзілі сваты ад Мядзьведзя па лесе –
Ўсё дзеўкі шукалі празь верасень месяц.
Хадзілі яны ў Белавеж да Зубрышкі,
Да Зайцавых дзевак,
                                              былі і ў Казьлішкі.
Там ветліва важных гасьцей прынімалі,
Крынічнай вадой, мурагом частавалі;
Стараліся ўсе ім у пояс хіліцца –
Сваты былі важныя – Воўк ды Лісіца! I
Калі што ня так, дык патрапілі б самі
Пагладзіць дзе трэба, памацаць зубамі...
Эх, важныя дзеўкі, былі б гаспадыні,
Каб мелі каўбасаў, курэй, саланіны.
Нашто і шукаць бы што недзе другое, -
Было б для Мядзьведзя жыцьцё залатое.
А то у Зайчышкі пасаг – руні жыта,
Зімой – зьледзянелая ў полі ракіта!
А у Казьлішкі дзядзеўнік ў імшарах,
Падушкі з пуховак, асоту гушчары.
Таксама ў Зубрышкі па ўсёй Белавежы
Ня зьлічыш стагоў непачатых і сьвежых...
Ды што зь іх сватам і Мядзьведзю сівому, –
Язык намазоліш, нагоніш аскому.
 
Пачулі сваты – ёсьць пад Нараччу дзеўка:
У лесе сасновым паджарая Белка,
Такая вясёлая, з цоканьнем, сьмехам,
Зьбірае зь ляшчэўніку толькі арэхі.
Насыпала поўныя куфры, як лёду,
Раскусіш – як сонца, зярняты – як зь мёду.
Сказалі Мядзьведзю:
                                                – Ёсьць дзеўка з пасагам!..
Прыбраўся Кудлаты у боты, ў сярмягу;
Кашулю узьдзеў, што злупіў у Міколы,
Як той бараніў ад яго калісь пчолы;
Ўзяў пояс ліповы і кій сукаваты, –
Пайшоў так са сьвітай Мядзьведзь наш у сваты.
 
Такое вясельле магло толькі хіба
Быць там, дзе ёсьць Нарач, бор цёмны ды рыба.
Ігралі ў цымбалы Шаршні і Асьвянкі,
Ігралі дзень цэлы ад самай заранкі;
Аў цёмным ягодніку зь Цецерукамі
У такт Дзятлы ў бубны лупілі насамі,
I зь вёскі далёкай, дзе жытнія гоні,
Ім Певень іграў на чырвонай гармоні.
«Лявоніху» ёмка скакала Лісіца, –
Аж ветрам паджарым шумела спадніца.
Як выйшаў Мядзьведзь,
                                                      топнуў левай ды правай,
Пайшоў прысядаць – замігцелі рукавы.
Скакаць ён так мог бы дзён пяць ці мо' дзесяць –
Адно толькі боты стапталіся ў лесе;
Ды на'т і ў мяне там знасіліся лапці...
На трэйцюю ноч пачалі разьязджацца.
 
Памалу прайшоў ціхі верасень месяц.
Ляжыць, пажывае Мядзьведзь ў цёмным лесе,
Дзе глуш ды сасновае шумнае рэха,
А Белачка носіць ваду і арэхі.
Насыпе Мядзьведзь іх у ступу, як лёду,
А зьверху бабухне дубовай калодай!
Наесца і сьпіць у сваім у палацы, –
На'т слухаць ня хоча, хто кажа аб працы.
Пражыў абібокам нямала так часу,
Пакуль не хапіла у Белкі прыпасаў.
Ляжыць і раве ён, ледзь бор не аглохне:
– Ой, мусіць, я хутка ня выжыву, здохну!..
Лячыла Мядзьведзя Варона-Шаптуха,
I Дзяцел пастукваў трубкай у вуха,
I банкі на пяты стаўляла Сарока,
Кампрэсы яму прыкладала пад бокам...
Ды што ні рабілі – ўсё не памагала.
Шмат вылізаў лекаў – гусіны і сала...
Ды што тыя лекі, калі наш Кудлаты
Зьеў двух дактароў зь Белавежы лычатых.
Хадзіў тады блізка Цыган хітры недзе,
Пачуў пра цяжкую хваробу Мядзьведзя
I кажа: – Ты, бацю, ня слухай нікога,
Цыган табе зельля парадзіць другога.
Відаць, ты ня можаш ні сесьці, ні легчы,
Ня можаш, мой баценька, мала ты есьці!.. –
Дзе ў лесе дарога, а збоку паляна,
Лячыў Цыган брагай-сівухай да рана,
Яшчэ паіў зельлем салодкім, як мёдам,
Спаіўшы, Мядзьведзя прыкуў да калоды,
А потым усыпаў бярозавай кашы,
Павёў яго цешыць людзей на кірмашах.
Перш доўга Мядзьведзь касурыўся ды охаў,
А потым зрабіўся такім скамарохам!
Дзе толькі ня прыйдзе пад хаты крывыя,
Зьлятаюцца дзеці, дзяўчаты, старыя,
Прыносяць салодкага мёду, арэхаў, –
А ён давядзе аж да сьлёз і да сьмеху...
Сьмяюцца і дзеці, і куры, і коні,
Як ён у шарахаўкі звонкія звоніць;
Сьмяюцца асьверы, і стрэхі, і хаты,
Як пойдзе скакаць пад цымбалы Кудлаты.
Здаецца, няпраўда, што людзі гавораць,
Што гультаяваты, што быў калісь хворы...
 
А Белачка там, дзе ёсьць пушча густая,
Ў сасновыя куфры арэхі зьбірае
I добра хавае, каб часам мядзьведзі
Іх там не знайшлі і вясковыя дзеці,
I чорнымі зорка пільнуе вачыма,
I лускае іх у сьцюдзёныя зімы.
 
А там за сасновым за лесам, за борам,
Блакітам і золатам граюць азёры!
А глянеш навокал – такая краіна:
Дзе ступіш – то рэха, то казка, быліна...
Ёсьць, праўда, і сумных нямала, бязь ліку,
Але мы іх лепей пакінем вялікім.
А вам, мае браткі, з вачыма, як золак,
Аддам усе дзівы тых казак вясёлых...
 
1937
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.