РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лірнік
Памёр стары лірнік
Ў бярозавых нетрах,
Дзе лісьце шапоча
Зялёнае зь ветрам.
 
Каб песень яго
Не схавалі пад камень,
Каб не расьцягалі
Рукамі, нагамі, –
 
Аддаў струны зорам,
Сум – вербам, калінам,
А радасьць – азёрам,
А рэха – далінам.
 
Крыштальныя вочы
На сонца высока
Занёс асьцярожна
Наднёманскі сокал.
 
Сягоньня мы ходзім
I ходзім па краі, –
Звон зор, сум і радасьць
I рэха зьбіраем.
 
1938
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.