РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Плывуць стругі

Помни это заклинанье,
Нил, мой Нил.
#У. Маякоўскі

 
Плывуць стругі, плыты, плыты –
Сасновы звонкі лес,
Шырокі месяц залаты
I берагі ў імгле.
Ў стырно ўпіваецца рука.
І так за днямі дні.
Гэй, воды, быстрая рака,
Назад лепш павярні!
 
На пнях ня марыць аб красе,
Гарыць жывіца ран,
Калі такія ты нясеш
Дары за якіян,
Калі ад вострага смыка
Лес, таючы, зьвініць.
Гэй, воды, быстрая рака,
Назад лепш павярні!
 
Тавар табе дадзім другі,
Нямала, сотні тон! –
Вяровак кручаных тугіх,
Жалеза з рук, з акон.
Павер напеву стырніка,
Плыты, плыты спыні!
Гэй, воды, быстрая рака,
Назад лепш павярні!
 
1938
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.