РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паэт
Брусок сьпявае ціхую малітву,
Ды зрэдку іскру кіне над сабой –
Пакуль нажы не зазьвіняць у бітве
І шаблі горда не ўзьнясуцца ў бой.
Няма ў яго ні вастрыя, ні джала,
Патрэбен ён хіба сярпам крывым,
Пакуль у похвах сьпяць усе кінжалы,
Усе нажы, наточаныя ім.
І на папрок, чаму ня йдзе ён біцца
Чаму ён не падобны да мяча,
Ён сьціпла сьпіць у нейкай там брусьніцы,
Пакуль тупіцца сталі прыйдзе час.
Але ж, узяты у баі няроўным,
Палонны нож – як спынены парыў –
Хіба сказаў дасьпехам у катоўні,
Які брусок і дзе яго вастрыў?
Маўчаў, як нож. Маўчаў, як крыж на полі,
Бо ведаў ён няпісаны закон:
Сьпявае нож у час вайны за волю,
Брусок – у рабства час сьпявае ён.
Калі ж залье крывёй радзімы пожні,
І пойдзе гнеў да эшафотных стром,
І зломіцца аб сталь кінжал апошні –
Ну што ж?
Тады ўжо можна і бруском.
 
8.II.1984.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.