РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *
Мы берагам мора ішлі.
Каб хвалі ня зблыталі кос,
Ня змылі, як пэрлу, зь зямлі, –
Цябе на руках я панёс.
 
Шчасьлівы, я чуў за сабой,
Як хвалі крычалі:  «Аддай!»
I, ўзьняўшыся, чайкі гурбой
Праводзілі ў сінюю даль.
 
Пасьля, як пакінула ты
На ўзмор'і мяне аднаго,
Ня раз я прыходзіў сюды,
Шукаючы сьледу твайго.
 
Ды сьледу нідзе не відаць.
Зраўнялі ўсё хвалі. Адны,
Як думы цяжкія, ляжаць
Апаўшыя з круч валуны.
 
Як думы цяжкія, якіх
I ў сэрцы нялёгка насіць,
I нельга прыбоем марскім
Зь пясчанага берага змыць.
 
1943
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.