РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Журавель і Чапля
На адным канцы балота
Была хата Жураўля,
Надругім канцы балота
Чапля шэрая жыла.
 
Надакучыла сівому
Жыць самотна Жураўлю,
Блукаць каля буралому
Па балотнаму гнільлю.
 
Слухаць жаб у час бяссонны,
Рогат, шум у трысьніку,
Перагуды, перазвоны
Камароў у талаку.
 
Вось задумаў ажаніцца
Адзінокі Журавель,
I да Чаплі-маладзіцы
Ён паплёўся па дрыгве.
 
Ляпу-чапу, ляпу-чапу, –
Журавель ідзе-брыдзе,
Празь сем дзён прыйшоў да Чаплі
I гаворыць: – Добры дзень!
 
Ці ня хочаш за мяне ты,
Дзеўка, замуж?.. – А яна
Кажа: – Што ты, – кажа, – гэта
Сабе выдумаў сп'яна?
 
Непрыгожы, даўганогі, –
Лепш ідзі адкуль прыйшоў... –
I пабрыў сваёй дарогай
Сумны Журавель дамоў.
 
Ды адумалася Чапля,
Што дарма за Жураўля,
За балотнага суседа,
Яна замуж не пайшла.
 
Ляпу-чапу, ляпу-чапу, –
Даўганосая ідзе
Да свайго суседа Чапля
I гаворыць: – Добры дзень!
 
Ці ня возьмеш мяне ў хату? –
Журавель ёй кажа: – Не!
Дзе з такой, як ты, чубатай
Паказацца ў сьвеце мне?
 
Шыя выгнута вужакай,
Хараства ні ў чым няма,
I убор твой аніякі,
I нягодная сама.
 
Калі Чапля з хаты выйшла,
Журавель пашкадаваў,
Што пакрыўдзіў яе лішне,
Што за жонку не узяў.
 
Ляпу-чапу, ляпу-чапу, –
Па дрыгве і па вадзе
Ізноў сватацца да Чаплі
Журавель ідзе-брыдзе.
 
I так ходзяць яны ў сваты
Цэлы свой птушыны век,
I стаяць іх воддаль хаты
Па канцах балот і рэк.
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.