РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ёлка
На Новы год пасьвяткаваць
У горад завітала ёлка.
Няцяжка мне было пазнаць
Зямлячку па яе іголках.
 
Па сьвежай зелені густой,
Па ўсім уборы саматканым.
Я быў сустрэчаю такой
Да глыбіні усхваляваны.
 
Я прывітаў яе хутчэй,
За што была яна, вядома,
Удзячна мне, і весялей
Мы разам пабрылі дадому.
 
I вось прыбраная стаіць
Яна ў пакоі і гаворыць
Пра дальнія лясы, гаі,
Знаёмыя палі, азёры;
 
Пра тое, як зара гарыць,
Як серабрыста зьзяе іней,
Як замялі ў палях вятры
Шляхі да бацькаўскай хаціны.
 
Я доўга зь ёю гаварыў,
Як госьцю, частаваў багата,
Агні і зоры запаліў
На цёмных лапках расахатых.
 
А сам, калі усё кругом
Сном навагоднім, моцным спала,
Наведаць свой бацькоўскі дом
Ад'ехаў з бліжняга вакзала.
 
I вось дзівуюцца сябры:
Хто выклікаў мяне прыехаць
На сьцежкі даўнія ў бары,
Пад хвоі родныя і стрэхі?
 
1945
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.