РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калыханка
Прыляцелі у гасьціны
Да малога Васілька
I сарока-белабока,
I варона з сасьняка.
Пачала кума-варона
Калыханку напяваць,
Пачала з бароў урокі
Да малога заклікаць:
 
– Гэй, зьмяркальныя урокі,
I сьвітальныя урокі,
I вясновыя урокі,
I зімовыя урокі,
I з-пад ясных зор урокі,
I з-пад цёмных броў урокі,
Пазьлятайцеся гурбой
Над калыскаю малой!
 
Пачала кума-сарока
Васілёчка калыхаць,
Пачала усе урокі
Ад малога адганяць:
– Гэй, прыцешныя урокі,
I прысьмешныя урокі,
I паўночныя урокі,
I паўдзённыя урокі,
I жаночыя урокі,
I дзявочыя урокі,
Разьвявайцеся ў барох
Па расьцьвіўшых верасох!..
 
Ды заплакаў Васілёчак,
Што сарока ўсе вятры,
Ўсе урокі адганяе
На дрымучыя бары.
Як пакінула ўсё гэта
Кумка хлопчыку свайму,
Праз усё жыцьцё спакою
Чары не далі яму:
 
То яго звадзіла рэха,
То спаць зоры не давалі,
То яго паліла сонца,
То завеі асыпалі,
То сьпяваў палям, дуброве,
То тужыў па чарнабровай,
Аж ад гэтых чараў ён
I спакой згубіў, і сон.
 
На'т калі спачыць прыйшлося,
Век пражыўшы, Васільку,
Кожны год, вясну і восень,
Чуўся шум у сасьняку:
Шум бароў і плач птушыны,
Шорах забабонных траў,
Аж пакуль густой хваінай
Ён, разбуджаны, ня ўстаў.
Той хваінай, над якою
Ўсходзіць серп маладзіка,
Пад якой цьвіце зарою
Кветка папаратніка.
 
1946
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.