РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Амаль хрысьціянскі тост за ворагаў

Адаму Мальдзісу

 
Гіене – баяцца, сабаку – вішчаць,
Сьвіньні – рыцца ў гноі сваім,
А льву патрэбны калючы гушчар,
Родны край і свабода ў ім.
П’ю за тое, каб нам сярод родных лясоў
Не вішчаць, не дрыжаць, не крывіць,
Бо ўсе мы тут не з гіен і ня з псоў,
Бо мы – сапраўднай крыві.
І таму давайце за ворагаў піць
І за імі сатканую сець,
Бо ім ня дадзена нам палюбіць
І ня дадзена нас зразумець.
Бедалагі!
                    Ня ўцяміць іх бедным мазгам,
Пакуль не праб’е ім канец,
Як добра быць другам і братам нам,
І яму, і табе, і мне.
Божа, дай ім даўжэй пражыць,
Хай спаўна аттрубяць свой час,
Хай да самай апошняй нашай мяжы
Будуць яны у нас.
Божа, Ты скінуў іх нам, як дары,
І мы славім мудрасьць Тваю,
Бо яны нас будзяць яшчэ на зары
І рана заснуць не даюць.
І ўстаем і арэм мы нашы палі,
Пакуль не апусьціцца змрок,
І мы ўстаем, і зброю сталім,
Слова сталім і радок.
Ім няма з кім ісьці плячо да пляча,
З кім любіць, з кім стаяць у баі,
З кім сьмяяцца, спрачацца і нават маўчаць.
А памруць – хто паплача па іх?
Даруй ім. Яны пакараныя й так
(Даруй хоць на гэты раз),
Бо розуму ў іх, як сьлёз у ката,
І ня могуць пазычыць у нас.
І даруй нам, што сеем мы ў душы ім жах,
Як скачком бяром частакол,
Што даводзіцца ім дрыжаць у дамах,
Калі гойсае леў вакол.
Твой закон, што вазіць нявартыя гной
Чалавек такі і народ,
Калі вораг ад назвы іхняй адной
Не бялее, як сьнег і як лёд.
 
18.III.1968. Брэст.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2022. Беларусь, Менск.