РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Янку Купалу
Пасьля таго як ты пакінуў
Край незабыўны і сяброў,
Трывожаць думы безупынна,
Вядуць у твой музэй – дамоў.
 
Як быццам там цяпер жывеш ты,
Як быццам невядома мне,
Што песьні ўсе свае да рэшты
Аддаў ты роднай старане,
 
Што, ідучы жыцьця шляхамі,
Над сінім Сожам, над Дзьвіной,
Я над бязьмежнымі палямі
Пачую ўсюды голас твой.
 
Ды вабіць нас прытулак цесны
Між сувэніраў дарагіх,
Дзе спачываюць з рэхам песьні –
Старонкі несьмяротных кніг.
 
Мо’ ў іх адказ хачу знайсьці я
На ўсе пытаньні, чарадзей.
Якія травы палявыя
Зьбіраў ты чараваць людзей?
 
Зь якіх вясёлак, бліскавіцаў,
I фарбаў неба, і зямлі
Тварыў ты словы-зараніцы,
Каб вечнымі яны цьвілі?
 
I чую, ты, баян, гаворыш:
– Перачытайце кнігі, – там
Я паказаў шляхі і зоры,
Я ўсё сказаў маім сынам.
 
1947
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.