РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сярод лясоў наднёманскіх
Сярод лясоў наднёманскіх,
Густога сасьняка
Жыла малая Верачка –
Дачушка лесьніка.
 
Яна дружыла з дрэвамі,
З птушынаю сям’ёй,
Зьвярынай усялякаю
I зь ягадай лясной.
 
Ды вось аднойчы восеньню
Лес, чуе, не пяе,
І стала ёй нявесела,
Сум агарнуў яе.
 
Шкада ёй ападаючых
Лістоў і матылькоў,
Шкада ёй адлятаючых
У вырай журавоў.
 
I вось пацешыць Верачку
Жучкі прыбеглі спрытныя,
Камарыкі гульлівыя,
Мурашкі працавітыя.
 
Гудуць, зьвіняць і раяцца
Ад ранку да начы,
Ня знаюць, як гаротніцы
Ў бядзе дапамагчы.
 
Прыбеглі зайцы шэрыя,
Вавёрачкі гульлівыя,
Бабры, лісіцы, вожыкі,
Казулі палахлівыя.
 
Паселі кругам, раяцца
Ад ранку да начы,
Ня ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
 
Усёй сям’ёй зьявіліся
Цецерукі стракатыя,
Глушцы, вароны з совамі
Ды зь дзятламі насатымі.
 
Сядзяць на дрэвах, раяцца
Ад ранку да начы,
Ня ведаюць, як Верачцы
Ў бядзе дапамагчы.
 
Пачуў пра гэта павучок,
Пытае: – Што за гул?
Мо’ я, сябры-таварышы,
Як-небудзь памагу?
 
– Ну, дзе табе! Маўчаў бы лепш
Хы ў засені лістка, –
Гавораць і сьмяюцца ўсе
З малога павучка.
 
I ён па павуціначцы,
Пакрыўджаны, палез
Дамоў, пад ліст арэхавы,
У хмызьнякі, у лес.
 
А як настала ночанька,
Серп месяца зазьзяў,
Ён павуціну тонкую
Хутчэй снаваць пачаў.
 
Ад кусьціка да кусьціка,
Між лапак і галін,
Ад елкі да сасоначкі,
Ад неба да зямлі.
 
А потым зоры ясныя
З краплістаю расой
Павесіў ён званочкамі
На павуцінцы той.
 
Калі ж прачнулася зара
I ветрык прыляцеў,
Лес залатымі струнамі,
Ажыўшы, зазьвінеў.
 
На звон устала Верачка.
Сьцяжынаю лясной
Ідзе яна і дзівіцца,
Што лес сьпявае зь ёй.
 
Кране рукой рабіны куст –
Звон чуецца рабінавы,
Кране яна каліны куст –
Звон чуецца калінавы.
 
А сонца струны павучка
Кране празрыстым променем,
Заслухаесься, як гудуць
Лясы-бары над Нёманам.
 
1950
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.