РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Калі мне сказалі
Калі мне сказалі,
Што ліст мой парвала,
Я ўбачыў, што поўнач настала.
 
Калі мне сказалі:
– Сватам стол накрылі, –
Я ледзь сваё гора асіліў.
 
Калі мне сказалі,
Што госьці сьпяваюць,
Здалося – мяне адпяваюць.
 
Калі ж мне сказалі,
Што чаркі ня п'еш ты,
Падумаў: чыя ж ты нявеста?
 
Калі ж мне сказалі,
Што, сумная, плачаш,
Паверыў што зноў цябе ўбачу.
 
Калі ж мне сказалі,
Што з дому ўцякла ты,
Я ўпэўніўся зноў, што мая ты!
 
1955
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.