РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Сустрэча
– Дзень добры, маці! Не пазналі?
– А я – аднасяльчанін, свой,
Сын Тэклі. Зь ёй вы сябравалі,
З маёю зналіся раднёй.
Каторы сын? Марцін, сярэдні.
Вы на маім вясельлі на'т
Сядзелі за сталом бяседным,
Пець падахвочвалі дзяўчат.
А жонка хто? Зь сям'і Дзям'яна,
Што лепш за ўсіх сярпы зубіў.
Яе засваталі за Яна,
Але яму я перабіў,
Вярнуў запоіны, гасьцінцы.
Вы, пэўна, помніце, як ён
Пачаў быў на вясельлі біцца,
Ледзь госьця выпрасілі вон.
Ня помніце?.. Я ж той, што лазіў
У сад па яблыкі да вас...
– Дык што ж, сынок, ты мне адразу
Не прыгадаў пра гэты час!
Цяпер я знаю... Божа мілы!
Якім жа быў ты хлапчуком!
Рваў яблыкі... –
                I пагразіла
Сваім бярозавым кійком,
Як быццам бы не даравала
Мне за даўнейшыя грахі.
I сьцежкаю павандравала
Зьбіраць траву ў барах глухіх,
Траву ад розных ран глыбокіх,
Ад дум, што камянём гнятуць,
I ад вачэй, і ад урокаў,
Што спаць начамі не даюць.
I як я не спытаў, ня знаю,
Калі яе стрэў ля сяла,
Ці ёсьць трава ў яе такая,
Каб маладосьць вярнуць магла?
 
1956
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.