РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Уладзімер Караткевіч
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
*  *  *

Як Стажары ў небе зазьзялі,
І ў сяле падаілі кароў,
І з палёгкай палі ўздыхалі, –
Я пад вокны твае прыйшоў.
 
Ты з хітрынкай сказала, мілая,
Прыкрываючы шыю касой:
«Маці сьпіць. Я таксама стамілася.
Дарагі, прыходзь раніцой».
 
Ты сказала так цёпла і ветліва,
Я кахаў цябе так даўно...
Я паверыў і раніцай сьветлай
Пад тваё прыцягнуўся вакно.
 
Зноў з хітрынкаю ты сказала:
«Бач, каровы ідуць на лугі.
Бачыш, маці толькі што ўстала.
Ўдзень прыходзь да мяне, дарагі».
 
Я чакаў паўдзённай часіны.
Зь неба сонечны пёк агонь.
Я драмаў у хмызах тры гадзіны
На нагох, як стомлены конь.
 
Мрэлі ў сонцы паўдзённым шаты,
Калі зноў я прыйшоў да сяла
І... нікога ня стрэў ля хаты,
Бо каханая ў полі была.
 
Ўсе сабакі на вёсцы яхкалі
На даўжэзную постаць маю,
Калі вечарам шэрым і мяккім
Я прыйшоў на сядзібу тваю.
 
Усьміхнулася: «Нельга вечарам,
Нас заўважаць суседзі ў садках.
Любы мой, дарагі, недарэчны,
Ноч наперадзе. Зоры ў вачах».
 
Уначы я сьвіснуў ля хаты,
І зьявіўся цень у вакне:
«Я заснула ад стомы праклятай.
Не шкадуеш, будзіш мяне.
 
Ну і д-добрым ты будзеш мужам...
Не. На вуліцы травы з расой...
Што ты, што ты! Маці нядужая...
Дарагі, прыходзь раніцой».


Ці доўга ты яшчэ будзеш мяне мучыць, нягодніца!?!

 
22.III.1959.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.