РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Максім Танк
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Адказ на пісьмо
О, якім пісьмом кароткім
Адказала ты,
                              нібыта
Да канца лісток з блакнота
Запісаць ня стала часу,
Не было слоў адпаведных,
Ад якіх цяплей на сэрцы,
Ад якіх сьвятлей на сьвеце.
Хоць бы нават пра пагоду
Напісала, як звычайна
Пішуць людзі, калі болей
Падзяліцца чым ня маюць,
Ці намалявала б восень:
Дзьве рабіны каля хаты.
Дым над вогнішчам у полі,
Журавоў
                      у небе
                                      сінім.
Хай бы той, хто ў дзьверы грукаў,
Пачакаў, пакуль дапішаш,
Хай бы раз перакіпела
Ў сагане з укропам бульба,
Хай бы кот, клубок сьцягнуўшы,
Пераблытаў твае ніткі...
Столькі мейсца асталося!
А ў мяне, калі пішу я,
Ўсё паперы не хапае,
На'т пад маркаю паштовай
Мой ты знойдзеш пацалунак.
 
1962
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.