Стрэліся Лесавік і Палявік. Першы кажа: – Я такія знаю чары, Што мяне баіцца нават сам лясьнік, Хоць і вырасьлі мы зь ім сярод гушчараў. Часам высыплю яму з набояў шрот – I ён цэлы дзень пудлуе па зьвярыне; Часам закручу яго сярод балот, Між сьцяжынак і вужыных, і ваўчыных; Часам табакерку я ў яго ўкраду, Муравейніку насыплю ў гайдаверы, Памачу ў смалу-жывіцу бараду – I сяджу, і рагачу у змроку шэрым. – Я таксама, – прызнаецца Палявік, – Калі жнеі завіхаюцца ля жыта, То сьцягну ў каторай серп ці чаравік, То хусьцінку перакіну за ракіту. А ў палудзенныя міскі і збаны З ружы-мяты свайго зельля наўліваю. Потым трызьняцца любошчыя ім сны, Ад якіх кроў маладзіцам ускіпае. То калені ім чмялём паказычу, То жука на грудзі ўскіну палахліўцы. Шум падымецца, а я за ўсім сачу, Прытаіўшыся ў іржышчы ды ў мятліцы... Потым пачалі спаборнічаць яны: Хто зь іх лепей выпраўляе танцы-гарцы. Лесавік біў капытамі, бы ў званы, Палявік стаў за хвастом сваім ганяцца. Першы скочыць, перавернецца раз пяць, Адругі, каб не адстаць, – раз дзевяць-дзесяць. Першы сіліцца зямлю на рогі ўзяць, А другі – узьбіць на патарчакі месяц. Я глядзеў, глядзеў, аж страх пачаў праймаць (У той час ішоў зь вясельля я, паверце). Уцякаць хацеў назад празь лес і гаць. Добра, пеўні пачалі крычаць-сьпяваць, I разьбегліся па зарасьніках чэрці.
1967
|
|