РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Захад сонца
За нязнаную
Даль пахмурную
Закацілася
Ясна сонейка.
 
Ой, пара, пара
Табе, добрае,
Адпачыць пайсьці
Посьле дня ўсяго.
 
Нахадзілася,
Нагулялася
Над зямелькаю
Па-над крыўднаю.
 
Бачыць трэ’ было,
Каб уродаю
Ніва ўбогая
Убіралася.
 
Сагрэць трэ’ было
Беспрытоннага,
Сьлёзы высушыць
Абнядоленым.
 
Усьміхаціся
Ўсім замучаным
Доляй-радасьцяй,
Воляй-сокалам.
 
Посьле гэтакай
Працы-мачыхі
Спачынь, сонейка,
Там за горамі.
 
І назаўтра ўстань
З новай сілаю,
Узьнімі агні,
У сэрцы стухшыя.
 
Распалі агні
Веры ў будучнасьць,
Што дзён лепшых мы
Дачакаемся.
 
[1905–1907]
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.