РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Віталь Рыжкоў
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Чорна-белы верш
...тых, хто замахваўся на тыранаў ці аўтарытарных лідэраў,
далёка ня ўсе — і справядліва — лічылі героямі,
бо прапаганда зла не пакідае выбару,
як і любая зброя.
 
вядома, зло не адносіць сябе да зла,
але з думак пра мэты, сродкі, іх спалучэньні марныя
вынікае старое: злу пастаянна трэба знаходзіць казла
ахвярнага,
 
злом абвяшчаць яго і яму ствараць перашкоды,
зломваць, тлумачыць сьвет, як сьляпому.
дабру ўсе гэтыя гульні зь перацягваньнем коўдры
весьці бяз понту,
 
бо дабро робіцца злом пасьля перамогі над злом
аўтаматычна; параза дабра — перамога.
а праўда — гэта сумленьне, сьцягнутае вузлом
на шыі нямога.
 
праўда — тое, чым лупяць па твары, нібыта анучай.
праўда — рэклямны тавар, які надакучвае.
 
праўда — наіўная і патасная, са зьменлівай інтанацыяй.
праўда — зацюканая аднаклясьніца з прагаю падабацца.
 
і пакуль зло карыстае праўду, а дабро карыстаецца
праўдай, ёй не выпадае шанцаў на лідэрства,
праўда — твая паўсьляпая настаўніца,
што зрэдку бярэ рэпетытарства
 
і падцягвае па прадмеце тых, каму не хапае спрыту,
да выпускнога іспыту.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2020. Беларусь, Менск.