Ёсьць у паэта свой аблог цалінны, Некрануты прастор для баразён, Дзе ён працуе зь першае хвіліны І да апошніх вечаровых дзён; Ёсьць думак прагавітае насеньне, У жменю назьбіранае з дарог, Што сьпелага чакае ўвасабленьня, Заліўшы хваляй жытняю аблог; Ёсьць сэрца маладое, безь якога - Без палкага, жывога пачуцьця - Няма ў яго нічога: ні аблога, Ні плённых дум, ні самаго жыцьця; І ёсьць адказнасьць перад строгім вершам, Перад яго пачаткам і канцом - Каб баразну, радком пачаўшы першым, У сноп зьвязаць шаснаццатым радком.
1962
|
|