РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Алесь Аркуш
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
ЯНКА ЖУРБА
Як гэта па-эўрапейску:
паміраць у поўнай галечы,
сьляпым,
забытым чытачамі, калегамі, уладамі,
выдаўцамі, гісторыкамі, партыйнымі кіраўнікамі
рознага ўзроўню, ідэалагічнымі адздзеламі,
настаўнікамі роднай мовы, кіраўнікамі
гурткоў мастацкага слова, былымі падпісчыкамі
газэты «Наша Ніва»…
 
Як Мадыльяні, альбо Кафка, альбо Норвід…
 
Што заставалася ў спадчыну? Пустка,
на якой наканавана было зьявіцца
тваёй магіле. Навошта тлумачыць, ведаеш сам:
на пустках нетрывалыя нават пахаваньні валадароў.
Ці мусіш чакаць лепшай долі?
 
Няўтульна пачуваць сябе
дагістарычным выкапнем, да якога
зрэдку, з нагоды круглай даты, прыляталі на самалёце
беларускія савецкія пісьменьнікі.
Зьбіралі іх у дэлегацыю па Дамах творчасьці і
лецішчах на Нарачы,
і везьлі ў Полацак на экскурсію —
паглядзець на Янку Журбу.
 
Ты не такі як яны,—ты і яны гэта выдатна
разумелі,—ты дакастрычніцкі,
і гэтае вызначэньне, як Дамоклаў меч,
вісела над тваёй галавой.
 
«Чаму Вы не прыходзіце да нас на літаб’яданьне?» —
запытаўся ў паэта аднойчы юнак, які стаў затым
савецкім паэтам. «Малады чалавек, я тут хаваюся,» —
адказаў яму Журба.
 
І ўсё ж на нешта ты, дзядзька Янка, спадзяваўся —
ці то на цуд,
ці то на вышэйшую, боскую справядлівасьць,—
бо пасяліўся побач са Спаскай царквой,
бліжэй да Эўфрасіньні Полацкай.
Тут непадалёк цябе і пахавалі —
на Ксавер’еўскіх могілках.
Гэта адзіная магіла, на якую
я прыходжу ў гэтым горадзе.
Сьпі спакойна, паэце,
я цябе не забуду.
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца Водгукі
2009–2017. Беларусь, Менск.