РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Янка Купала
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гэй, паехаў сын Даніла...
Песьня на ваяцкі лад
Гэй, паехаў сын Даніла
Ваяваць на вайну,
Ад нападу, ад няволі
Бараніць старану.
 
Сына маці выпраўляла,
Крыж на памяць дала,
Каб матулю родну помніў,
Як паедзе зь сяла.
 
А дзяўчына, міла сэрцу,
Правяла за сяло
I дала на памяць персьцень,
Каб у бойках вязло.
 
Так паехаў сын Даніла
Сам сабой на вайну,
Азірнуўся на хаціну
Ды змахнуў сьлязіну.
 
Ехаў поле і другое,
Трэцьце поле дасьціг,
Дзе сабраліся жаўнеры
Зь сёл і вёсак ўсіх.
 
I пайшлі яны паходам,
Дружна, сьмела пайшлі,
Каб вон злыбяду прагнаці
Зь беларускай зямлі.
 
Добра ўсе там ваявалі, –
Уміралі ў баю.
А найлепш Даніла біўся
За краіну сваю.
 
Хто йшоў ззаду, а хто збоку,
Азіраўся назад,
А Даніла ўсюды ўперад
Выступаці быў рад.
 
I ручыла, шанцавала
Ў бітвах цяжкіх яму,
Ажно вораг напужаны
Дзіваваўся таму.
 
Год мінуў, як ваяваці
Шоў Даніла зь сяла,
А ўжо слава па ўсім сьвеце
Аб ім громка ішла.
 
Як ачысьцілі ваякі
Край ад ворага свой,
Важна ехалі дадому,
Як тых пчол буйных рой.
 
А наперадзе ўсіх едзе
Наш Даніла з вайны,
Шабля бліскае пры боку,
Конь пад ім буланы.
 
Ён вязе ўсім падарункі:
Маці срэбны абраз,
А сваей дзяўчыне мілай
Доўгі пацерак зьвяз.
 
1919
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.