РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вершы мае – пісьмы...
Я знайшоў вызначэньне
сваім вершам, –
тым, што напісаны,
і тым, што яшчэ не напісаны
і сьпеюць недзе ў нетрах
маёй душы.
Вершы мае –
гэта пісьмы.
Гэта толькі пісьмы.
Пісьмы ў мінулае,
пісьмы майму папярэдніку.
Я хачу ведаць, ці не мае
ён да мяне якіх прэтэнзій,
я хачу спытацца,
ці няма ў яго, мёртвага,
якой-небудзь крыўды на мяне, жывога.
Вершы мае – пісьмы ў будучае,
пісьмы да маіх патомкаў,
я хачу ведаць,
помняць яны мяне
ці ня помняць.
Я хачу ведаць, ці памагае ім мой вопыт,
і хачу пакінуць ім
свой запавет
(у адносінах да патомкаў
вершы мае – духоўны запавет).
Вершы мае – мае пісьмы.
Мама, ты атрымоўваеш
мае пісьмы?
Ці яны да цябе не даходзяць?
Ці, можа, я не так пішу адрас?
Я пішу: «Магіла маці».
А можа, трэба пісаць неяк іначай?
Можа, патрэбны нейкі іншы
больш дакладны адрас?..
Вершы мае – мае пісьмы.
Пісьмы людзям.
Тым, якіх я люблю
і якім не магу не сказаць,
як я іх люблю.
I тым, якіх я не люблю
і якім я павінен сказаць,
што я іх не люблю.
Вершы мае – мае пісьмы,
I пішу іх не для таго,
каб напомніць пра сябе,
каб напомніць аб сваім існаваньні.
Не, я пішу для таго, каб напомніць
аб нашым усеагульным існаваньні,
каб усе помнілі
аб жыцьці ўсіх.
Вершы мае – мае пісьмы.
I паколькі гэта так,
то я пішу іх недарэмна.
Проста вершы могуць не чытаць,
проста вершы могуць есьці мышы.
А пісьмы – не.
У пісьмаў іншы зусім лёс.
Вершы мае – мае пісьмы.
На адны я атрымаю адказ.
На другія адказ
будзе ісьці доўга-доўга,
як ідзе на зямлю сьвятло
ад далёкай зоркі.
Адказ можа прыйсьці тады,
калі мяне ўжо ня будзе.
Але гэта мяне не палохае.
Галоўнае, што такі адказ будзе.
Вершы мае – мае пісьмы.
А мне трэба напісаць безьліч пісем.
Колькі на зямлі чалавек?
Некалькі мільярдаў?
Ну вось я павінен буду напісаць
некалькі мільярдаў пісем.
Кожнаму чалавеку па пісьму.
А колькі людзей будзе на зямлі?
Цяжка сказаць?
Усё адно я буду пісаць ім.
I буду настойліва пісаць
сваёй маці.
Можа, якое і дойдзе.
Буду настойліва пісаць,
пакуль не сустрэнемся зноў зь ёю
і ў мяне ня будзе магчымасьці.
сказаць ёй: «Мама!»
I буду настойліва пісаць пісьмы туды –
у тую сінюю прастору, тую далеч,
недасягальную майму зроку
і нават маёй сьвядомасьці,
пакуль ня прыйдзе адтуль адказ.
I калі гэты адказ
будзе ісьці доўга вельмі,
як ідзе сьвятло ад далёкай зоркі,
і калі ён прыйдзе тады,
як мяне ўжо ня будзе,
то пашлюць мне адказ па адрасу,
па якому я пішу сваёй маці...
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.