РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Анатоль Вярцінскі
Вершы
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Расказ напярэдадні лета

Памяці былой партызанкі,
актрысы С. I. Белянёвай


 
– Праходзьце. Сядайце...
                                          Чым вас частаваць?
Курыць, можа, будзеце?
                                        Вось цыгарэты.
Ці, можа, лепш чаю згатаваць?..
(Маленькі пакойчык.
                                  На сьценах партрэты,
кадры, дзе ў розных ролях яна.)
–  А я вось сяджу адна ля акна
і ўспамінаю чамусьці блакаду.
Помню: такой вось парой якраз
немцы загналі ў балота нас,
нашу сувораўскую брыгаду.
Па купінах поўзаем, вязьнем ў дрыгве,
прысмак вады балотнай у роце.
Калі самалёт зноў зараве –
крычыць дзяўчынка нечая: «Цё-ё-ця-я!»
Выйшлі з балотнага пекла таго.
Выйшлі усё-ткі...
                            Пасьля ўсяго
раем здалося сухое узьлесьсе.
Над полем зьвініць жаўрукова песня.
Рай!.. Жыві і не памірай.
Жывое жывым, мёртвае мёртвым...
Такі быў апошні ваенны май.
Гэта было ў сорак чацьвёртым.
Ды каб расказ быў болей зьвязным,
скажу, як стала салдаткай лясной...
Я іграла перад вайной
у слуцкім тэатры калгасна-саўгасным.
Быў добры тэатр.
                              Быў добры час.
Валам валіў народ да нас.
Паставілі многа розных п’ес.
Ігралі і «Машаньку», і «Булычова».
Помню, нібы было гэта ўчора:
цmвіў на слуцкіх вулачках бэз,
недзе ўжо перад самай вайной
я йграла ў «Любові Яравой».
Вайна пачалася. Прыйшла вайна.
I я тут сказала сабе: «Стася!
адна ў цябе роля засталася –
змагацца з ворагам, толькі адна!»
Спачатку была я сувязной,
а потым стала салдаткай лясной.
Праўда, калі зьявілася ў лесе,
той-сёй гаварыў: «Што ёй тут рабіць?
Гэта ж не іграць на сцэне, у п’есе,
а ваяваць, а ворага біць...»
Знаць не хацелі імя майго.
«Артыстка» – назвалі мяне клічкай.
Ды потым, убачыўшы што да чаго,
звалі і Стасенькай, і сястрычкай.
Або успамін пра карабін –
Вясёлы і сумны мой успамін...
Спачатку далі вінтоўку мне:
«Раз прыйшла – няхай ваюе».
На вайне як на вайне.
Зь вінтоўкай той на пасту стаю я.
Міма ішоў камісар якраз.
Сьмяецца: «Ого, салдат які бравы!
Дзе вы вінтоўку такую бралі?
Яна ж удвая даўжэй за вас.
Зброя вам яўна не па плячы.
Трэба нешта рабіць, Белянёва.
Здаецца, магу вам памагчы,–
ёсьць у мяне карабінка новая...»
Так я займела карабін
(такі у атрадзе быў адзін).
Яго берагла раўніва,
ні кроку без карабіна.
Мы зь ім неразлучныя былі
і ў цішыні лясной, і ў баі.
Помню, выпадак быў такі.
Мы ноччу трапілі на засаду.
Бягу паведамідь атраду.
Паліцаі і немцы ззаду,
а наперадзе, бачу, ваўкі:
блішчаць зялёныя аганькі.
Мурашкі па деле,
                              мароз па сьпіне.
Вось дык трапіла я ў логава –
чацьвёраногае і двухногае!
Але карабін не падвёў мяне...
Калі ж канчаўся ваенны наш лёс
і мы, партызаны, здавалі зброю,
глядзела на карабін з тугою,
было мне шкада яго да сьлёз...
Ды што я ўсё пра вайну гавару.
Вясна вунь ідзе,
                          а за ёю лета.
Хутка будзе цёпла і сьветла,
Люблю я летнюю пару.
Адагравае мяне яна
ад той ваеннай сьцюжы і слоты,
ад памяці той, ад адзіноты.
Як бачыце, я жыву адна...
Мы разьвіталіся, пайшлі.
Нас на двары сустрэў адвячорак –
час самай першай цішыні,
час самых першых агнёў і зорак.
Мы аглянуліся – і яе
зноў убачылі ў акне.
Мы памахалі ёй рукой,
раз і другі, і значыла гэта,
што ёй спагадаем
                              спагадай людской,
што ёй жадаем
                        сьветлага лета.
 
1970
 
 
 
 
Падабаецца     Не падабаецца
2009–2019. Беларусь, Менск.